Над цягнікамі, якія едуць з Беларусі ў Калінінград праз Літву, будуць кружляць гелікаптэры
- 7.04.2025, 18:44
На гэта выдалі 25 мільёнаў еўраў.
Літоўскія памежнікі 7 красавіка прадставілі новы гелікаптэр, прызначаны для суправаджэння транзітных расейскіх цягнікоў, а таксама для хуткага рэагавання на магчымыя інцыдэнты, піша LRT.
- Гэты гелікаптэр дапаможа ўзмацніць назіранне за цягнікамі, якія ідуць у і з Калінінградскай вобласці, - гаворыцца ў заяве міністра ўнутраных спраў Літвы Уладзіслава Кандратовіча.
Паводле ягоных слоў, сітуацыя, якая змянілася ў апошнія гады з бяспекай у рэгіёне, "прывяла да новых пагроз і выклікаў".
Усяго памежная служба Літвы закупіла тры гелікаптэры, якія абсталяваныя сістэмамі відэаназірання, абсталяваннем для падвескі грузаў, пошукава-выратавальным абсталяваннем, супрацьпажарным абсталяваннем і медыцынскімі сродкамі.
Грошы, 25 млн еўраў, выдала Еўракамісія для гарантавання бяспекі ў рамках Спецыяльнай транзітнай схемы - яна прызначаная для забеспячэння наземнага транзіту паміж Калінінградскай вобласцю і астатняй часткай РФ.
- Другі і трэці гелікаптэры будуць ажыццяўляць памежны кантроль, ахову межаў, а таксама ўдзельнічаць у аперацыях у выпадку надзвычайнай сітуацыі або аварыі на БелАЭС, шукаць людзей, транспартаваць органы, - заявіў кіраўнік памежнай службы Літвы Рустам Любаеў.